Варта ведаць, што ўсе слоўнікі
падзяляюцца на энцыклапедычныя і лінгвістычныя.
Энцыклапедычныя
слоўнікі – гэта даведнікі, у якіх у
сціслай форме выкладзены навуковыя веды. Энцыклапедычныя слоўнікі
тлумачаць не словы, а паняцці, апісваюць прадметы, з’явы, падзеі, расказваюць
пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры і г. д. Загаловачнае слова ў
энцыклапедычных слоўніках не мае граматычнай і стылістычнай характарыстыкі, у
ім толькі пазначана месца націску; указваецца паходжанне запазычаных тэрмінаў.
Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, дыяграмы,
рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.
Энцыклапедычныя
слоўнікі бываюць агульныя і галіновыя. Агульныя энцыклапедычныя
слоўнікі даюць сістэматызаваныя звесткі з розных галін ведаў. Прыклады такіх
слоўнікаў: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (БелСЭ) у дванаццаці тамах (1969 – 1975) і «Беларуская энцыклапедыя ў 18 т.» (1996
– 2004). Галіновыя слоўнікі падаюць звесткі з якой-небудзь адной галіны навукі,
культуры, вытворчасці і пад. Напрыклад, «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў пяці тамах (1984 – 1987), «Энцыклапедыя
прыроды Беларусі» ў пяці тамах (1983 – 1986), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў шасці тамах (1993 – 2003) і іншыя.
Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы мовы, тлумачаць іх значэнне,
паходжанне і г.д. Яны бываюць аднамоўныя,
двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўнымі і шматмоўнымі з’яўляюцца перакладныя слоўнікі. Напрыклад, «Руска-беларускі
слоўнік» у двух тамах пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы (1982 г.), «Беларуска-рускі слоўнік» у двух тамах (1988 г.),
«Белорусско-русский словарь» (1975 г.) і «Русско-белорусский словарь» (1976),
прызначаныя для сярэдняй школы, «Англійска-беларуска-рускі слоўнік» пад
рэдакцыяй Т.М. Сушы і А.К. Шчукі (2004) і іншыя.